8 кастрычніка 2021 г. — адкрыццё другой залы музея “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”
Баннер

8 кастрычніка 2021 г. — адкрыццё другой залы музея “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”

8 кастрычніка 2021 года ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” адбылося адкрыццё другой экспазіцыйнай залы музея “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Першая музейная зала была адкрыта ў 2019 годзе, і ў ёй прэзентавана гісторыя адукацыі і вучэбнай кнігі за гістарычны перыяд з 862 да 1945 гг. Цяпер пачала работу другая экспазіцыйная зала, прысвечаная гісторыі беларускай савецкай вучэбнай кнігі за перыяд з 1946 па 1991 гг.

Міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка падчас адкрыцця новай залы падкрэсліў, што беларуская вучэбная кніга з’яўляецца важным гістарычна­культурным сімвалам Беларусі: “Ствараючы і развіваючы такі музей, мы аддаём даніну павагі беларускай адукацыі, яе гісторыі, людзям. Менавіта вучэбная і мастацкая кніга (класічная літаратура) дапамагае сфарміраваць адукаванага і выхаванага чалавека, грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. І дзейнасць гэтага музея павінна быць накіравана на фарміраванне культуры чытання як вучэбнай, так і мастацкай літаратуры. Да развіцця музея трэба запрашаць не толькі педагогаў, але і школьнікаў. Такая сумесная дзейнасць будзе развіваць нашу сістэму адукацыі”.

Экспазіцыя змяшчае падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, якія выкарыстоўваліся ва ўстановах адукацыі БССР у пасляваенны час. Сярод іх можна вылучыць вучэбныя кнігі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі, пачатковым навучанні, рускай мове для школ з беларускай мовай навучання, метадычныя і выхаваўчыя выданні, а таксама агульнасаюзных выданняў вучэбных кніг, перакладзеных на беларускую мову.

Асабліва значныя адукацыйныя падзеі прадстаўлены на постэрах, з дапамогай якіх можна азнаёміцца з гісторыяй развіцця адукацыі і вучэбнага кнігавыдання БССР. Плакаты і школьныя прадметы арганічна дапоўнілі асноўную экспазіцыю.

Самыя знакавыя кнігі эпохі алічбаваны і іх электронныя версіі змешчаны на інфармацыйным рэсурсе. Праз сэнсарныя інтэрактыўныя панэлі, мульціборды, планшэты, мабільныя прылады праз QR­коды наведвальнікі экспазіцыі маюць магчымасць прасачыць храналогію найбольш значных грамадска-палітычных і адукацыйных падзей у СССР і БССР, атрымаць інфармацыю аб беларускіх аўтарах вучэбных кніг.

У зале музея змешчаны адмысловы бібліятэчны стол, за якім наведвальнікі музея маюць магчымасць асабіста пазнаёміцца з прапанаванымі вучэбнымі матэрыяламі.

Рэктар ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Андрэй Пятровіч Манастырны ва ўрачыстай прадмове падкрэсліў значную адукацыйную ролю вучэбнай кнігі: “Музей дэманструе вялікую ролю вучэбнай кнігі ў сістэме адукацыі СССР і Беларускай ССР, а таксама адлюстроўвае сувязь паміж выбітнымі дасягненнямі ў навукова­тэхнічнай і гуманітарных сферах, сацыяльна­эканамічным развіцці і высокім узроўнем школьнай адукацыі ў той час”.

Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер