18 мая 2016 г. — круглы стол “Актуальныя пытанні выкладання беларускай літаратуры ва ўмовах профільнага навучання”
Баннер

18 мая 2016 г. — круглы стол “Актуальныя пытанні выкладання беларускай літаратуры ва ўмовах профільнага навучання”

18 мая 2016 года ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” быў праведзены круглы стол “Актуальныя пытанні выкладання беларускай літаратуры ва ўмовах профільнага навучання”, які выклікаў цікавасць у настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, метадыстаў, навукоўцаў, пісьменнікаў.

І. У. Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, раскрыла асноўныя падыходы да выкладання беларускай літаратуры ў сувязі з увядзеннем профільнага навучання. Дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання філалагічнага факультэта БДУ, доктар педагагічных навук, дацэнт В. У. Праскаловіч асвяціла пытанне рэалізацыі кампетэнтнастнага падыходу ў выкладанні беларускай літаратуры на базавым і павышаным узроўнях, а таксама прадставіла змены ў вучэбнай праграме па беларускай літаратуры ў сувязі з увядзеннем адноснай завершанасці навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Ролю літаратуры і літаратуразнаўства ў адукацыйным працэсе прааналізаваў дырэктар філіяла “Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы” Дзяржаўнай навуковай установы “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”, доктар філалагічных навук, прафесар, член Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі І. В. Саверчанка. Сваё бачанне вучэбнага дапаможніка і яго значэнне пры выкладанні беларускай літаратуры прапанаваў настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, дырэктар Дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 1 г. Бярозы імя В. Х. Галаўко” М. В. Жуковіч. Удзельнікі круглага стала пазнаёміліся з вопытам настаўніка беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, намесніка дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Установы адукацыі “Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй” В. Д. Скібы ў выкарыстанні кампаратывістыкі для вывучэння беларускай літаратуры ў кантэксце профільнага навучання. Сваімі думкамі падзяліўся Я. І. Хвалей, пісьменнік, член грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Былі разгледжаныя і наступныя пытанні:

  1. Прынцыпы адбору твораў пры складанні праграмы вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”.
  2. Беларуская літаратура ў школе і сучасны літаратурны працэс.
  3. Сучаснае прачытанне класічных твораў.
  4. Шляхі пашырэння цікавасці да беларускай літаратуры.
  5. Перспектывы развіцця вучэбнага прадмета “Беларуская літаратура”

Дыялог у фармаце круглага стала дазволіў абмеркаваць надзённыя пытанні ў літаратурнай адукацыі і вызначыць шляхі, якія дапамогуць ўдасканаліць выкладанне беларускай літаратуры ў школе.

А. А. Акушэвіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы


 

Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер